Вiншуем пераможцаў рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых  работ “Тут родныя трымаюць карані”

14.12.2018

14 снежня ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых  работ “Тут родныя трымаюць карані”, прымеркаванага да Года малой радзімы.

Прыемна тое, што нашы ліцэісты трапілі ў лік пераможцаў гэтага конкурсу. Вучань 11-1 класа Юмашаў Аляксей і вучаніца 11-2 класа Пакала Марына атрымалі два Дыпломы 2 ступені ў намінацыі “З гісторыі майго роду”, а іх кіраўнікі – Бурвін Людміла Мікалаеўна  і Самасюк Алена Уладзіміраўна – Ганаровыя граматы ад рэдакцыі часопіса “Роднае слова”. Асаблівую ўрачыстасць цырымоніі надавала тое, што праходзіла яна ў будынку Мінскай духоўнай акадэміі.

Зоя Іванаўна Падліпская, галоўны рэдактар часопіса, павіншавала ўдзельнікаў свята, адзначыла высокі ўзровень творчых і навукова-даследчых работ і абвясціла вынікі конкурсу ў трох намінацыях.

Нашы ліцэісты атрымалі свае Дыпломы з рук доктара філалагічных навук, намесніка рэдактара часопіса “роднае слова” А.Бельскага, які адзначыў высокі ўзровень работ нашых вучняў і выказаў падзяку настаўнікам ліцэя за супрацоўніцтва з часопісам.

Усе пераможцы конкурсу атрымалі не толькі Дыпломы, але і каштоўныя падарункі. А сустрэча з маладой беларускай пісьменніцай Сафіяй Ворса, якая падарыла кожнаму свае кнігі, яшчэ больш натхніла юных даследчыкаў на новыя перамогі.

Хочацца адзначыць і тое, што Дыплом 3 ступені ў намінацыі “Турыстычныя маршруты маёй малой радзімы” атрымала і наша былая ліцэістка, цяпер студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Бурвіна Міхаліна. А гэта значыць, што даследчая і творчая дзейнасць нашых ліцэістаў – справа патрэбная і карысная, якая дае магчымасць не стаяць на месцы, а адкрываць перад сабой новыя гарызонты.

Віншуем пераможцаў конкурсу і іх кіраўнікоў і чакаем публікацыі вучнёўскіх работ у рэспубліканскім альманаху навукова-даследчых і творчых работ.