Кветкі Вялікай Перамогі

11.4.2015

      Трыццаць маладых яблынек пасадзілі вучні ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” разам з ветэранамі вайны 8 красавіка падтрымаўшы гэтым новы патрыятычны праект ГА “БРСМ” “Кветкі Вялікай Перамогі”. Згодна з ім сімвалам сёлетняй юбілейнай даты – 70-годдзя Перамогі – стала кветка яблыні ў чырвона-зялёнай стужцы. Як сімвал вясны, чысціні, адраджэння, пачатку новага жыцця яблыневы цвет будзе суправаджаць усе святочныя мерапрыемствы, а бутаньеркі з белай кветкай з’явяцца на пінжаках ветэранаў, удзельнікаў шэсця ў Дзень Перамогі, валанцёраў і ўсіх, хто далучыцца да праекта. Бела-ружовай кіпенню будуць вітаць Перамогу і яблыневыя дрэвы ў садах раёна. Сустрэне гэты юбілей і тая яблыневая алея, што з’явілася каля ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. У чатыры рукі садзілі вучні ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” разам з ветэранам тоненькія маладыя дрэўцы, якія абавязкова квітнеючымі і ўздужалымі сустрэнуць наступны юбілей вольнага і шчаслівага жыцця нашай краіны. 

 
      У гэтым упэўнены і сённяшнія ўдзельнікі акцыі, сярод іх валанцёры-дзесяцікласнікі ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна Іван Тарасевіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Сяргей Чэшка і дырэктар установы адукацыі Яўген Пішчаў. 
 
     Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Сяўко падзякавала фермерам Уладзіміру Гойшыку з Волі і Аляксандру Казловічу з Быцені за дапамогу – саджанцы дрэваў для акцыі, а таксама адзначыла, што месца для юбілейнай алеі абіралася невыпадкова:
– Акрамя таго, што маладыя дрэўцы будуць сімвалізаваць юбілейны год, яны яшчэ значна ўпрыгожаць двор за будынкам ліцэя, – адзначыла Юлія Анатольеўна. – Нагадаю, што яблыневы цвет – гэта сімвал не толькі адраджэння і пачатку новага жыцця, але і дабрабыту, поспеху і працвітання суверэннай, незалежнай Беларусі. Няхай і надалей наша краіна ўпэўнена крочыць наперад і выхоўвае моладзь у міры, але з памяццю пра подзвіг дзядоў і прадзедаў. 


Наталля ГЕРБЕДЗЬ

фото Александры Пукало