Об удзеле ў семінары метадыстаў метадычных кабінетаў Брэсцкай вобласці

24.12.2019

20 снежня 2019 года ў нашым раёне адбыўся семінар метадыстаў метадычных кабінетаў Брэсцкай вобласці “Актуальнае прачытанне класічных твораў як умова фарміравання каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый вучняў”. Настаўнік ліцэя Бурвін Людміла Мікалаеўна прыняла ўдзел у рабоце семінара, правёўшы урок для дарослых па тэме “Жыццё навучае… Але жыццё можа і правучыць”. Удзельнікам быў прапанаваны выбар твораў для гутаркі – раман І.Шамякіна “Сэрца на далоні” ці аповесці В.Быкава “Сотнікаў” і “Знак бяды”. Яшчэ пры жыцці аўтараў гэтыя творы сталі класікай, бо прабемы ўзаемаадносін паміж людзьмі, праблема выбару ў няпростай жыццёвай сітуацыі, якія вырашаюцца там, напэўна, не страцяць сваёй актуальнасці ніколі.

На нейкі час прысутныя вярнуліся ў сваё юнацтва, у 11 клас: выконвалі заданні на суаднясенне выказванняў з жыццёвымі пазіцыямі персанажаў рамана, параўноўвалі герояў аднаго твора з кветкамі, другога – з дрэвамі і народнымі музычнымі інструментамі, разважалі над назвамі аповесцей і рамана, згаджаліся, што многія выказванні пісьменнікаў вельмі падыходзяць да сітуацый, у якія зараз трапляем мы. Для стварэння эмацыянальнага фону ў час выканання заданняў гучала музыка Рахманінава, Бетховена і … скрыпка, бо, як сказаў В.Быкаў, “кожны іграе на скрыпцы жыцця, як умее”. Лагічным вынікам урока сталі словы Сотнікава: “У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга… Не адзін раз усё перажытае даводзіла, што адзіная каштоўнасць у чалавека на свеце – жыццё”.

23 снежня Людміла Мікалаеўна  ўдзельнічала ў рабоце гаспадарчаразліковага семінара для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія курыруюць метадычную работу, на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі з выступленнем па тэме “Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі і творчых здольнасцей вучняў на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Настаўніца прапанавала ўдзельнікам планы правядзення першых у навучальным годзе ўрокаў па мове і літаратуры для развіцця матывацыі вучняў да вывучэння прадметаў, падзялілася пэўнымі метадычнымі прыёмамі развіцця камунікатыўных і творчых навыкаў старшакласнікаў.