Акция "Дети-детям"

24.12.2016

Свята дзецям – ад дзяцей

Ужо чацвёрты раз у ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” напярэдадні навагодніх святаў цёпла і шчыра прымаюць вучняў ДУА “Быценская сярэдняя школа”.

Акцыя “Дзеці – дзецям” – даўняя ідэя ліцэістаў, якая надзейна прыжылася тут, стала добрай традыцыяй. Вось і  20 снежня вучні Быценскай школы прыехалі да сваіх старэйшых сяброў-ліцэістаў.

Каторы год старшакласнікі рыхтуюць выступленне для маленькіх дзяцей, купляюць ім падарункі, праводзяць гульні. І ёсць ва ўсім гэтым душа: амаль усё, ад падарункаў да касцюмаў, ад гульняў да музычнага суправаджэння, – справа рук ліцэістаў. Усё як трэба: дзеці – дзецям.

Пачалося свята з інсцэніроўкі, усё як у самы сапраўдны Новы год: Дзед Мароз і Снягурка, Баба Яга і Кашчэй, прынцэса Несмяяна, сняжынкі-памочніцы і іншыя героі. А колькі гульняў падрыхтавалі старшакласнікі! Але зусім не стаміліся маленькія госці, яны чакалі падарункаў. Ды не столькі сам падарунак так цікавіў дзятву, колькі яго пошук. Так, імянныя падарункі трэба было знайсці на тэрыторыі ліцэя, дапамагала ў пошуку карта. У кабінетах гісторыі, англійскай мовы, біялогіі і нават у спартыўнай і канферэнцзалах “хаваліся” падарункі.

Мерапрыемства было б няпоўным без салодкага стала, які арганізавалі ліцэісты сумесна з раённым камітэтам ГА “БРСМ”. Развітваючыся, малыя абяцалі абавязкова вярнуцца ў ліцэй яшчэ, і ліцэісты будуць іх чакаць!