5 дзень тыдня беларускай мовы і літаратуры.

19.02.2021

Дзень пяты.

БуслікГэты дзень запрасіў ліцэістаў на традыцыйную гульню-конкурс “Буслік”, якая праводзіцца з мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці вучняў да вывучэння беларускай мовы, літаратуры і мовазнаўства. Найбольшая колькасць балаў, якую маглі набраць нашы старшакласнікі, - 150. Стараліся, шчыравалі, выбіралі правільныя адказы. Як атрымалася, даведаемся праз некалькі месяцаў, аднак ужо цяпер спадзяёмся на выдатныя вынікі.

Працягам дня стаў удзел ліцэістаў у гульні-спаборніцве «ФЭСТ». Каманда 11-1 класа спаборнічала за першынство са зборнай камандай 10-2 і 10-4 класаў. Тэматыка заданняў адпавядала назве ўсяго мерапрыемства: фальклор, этнаграфія, спадчына, традыцыі. Права выбару пытанняў належала капітанам каманд, якіх вучні выбралі аднагалосна – Саванчук Лізавета і Сватко Максім. Нельга сказаць адназначна, заданні якіх  тэматычных груп карысталіся найбольшай папулярнасцю ў каманд, складвалася ўражанне, што ім цікава ўсё і ведаюць яны многія звычаі і традыцыі нашага народа, казкі, легенды, загадкі, прыказкі і прымаўкі. Вызначыліся капітаны  ў конкурсе “Праінсцэніруй прыказку”: Максім і Ліза з дапамогай Мялік Аляксандры паказалі незвычайны талент у валоданні пантамімай, а іх каманды – грунтоўныя веды жанраў беларускага  фальклору.

Няпроста было і незалежнаму журы ў складзе вучаніц 11-2 класа Куцко Даны і Молаш Яны. Аднак лічбы вырашылі ўсё: з перавагай у 1 бал перамагла каманда 11-1 класа, якая яшчэ на пачатку сустрэчы адзначыла высокі ўзровень ведаў супернікаў.

 “Зрэж дрэва - і лісточкі скурчацца, счарнеюць, ссохнуць. Сарві кветку - яна завяне і страціць сваю прыгажосць. Так і чалавек: забудзе сваіх продкаў, не будзе памятаць пра традыцыі, культуру - асуджаны на духоўную беднасць, шэрасць і аднастайнасць”, - гаворыць народная мудрасць. Заставацца заўсёды памятлівымі, цікаўнымі, жывымі, удзячнымі сваім продкам – на такой ноце скончылася мерапрыемства.

На працягу дня працягваў работу “Музычны калейдаскоп”.

Фотагалерэя: