Мы пишем, о нас пишут...

Знать иностранный на уровне носителей языка - мечты сбываются

11.12.2018

Лицейский бал - души прекрасные порывы

11.12.2018

Аброўскае вяселле

10.11.2018
Любовь Иосифовна Домась и Наталья Гречная (11-2) принимали участие в конкурсе "Па-за кадрам".
Работу "Аброўскае вяселле" опубликовали в  "Краязнаўчай газеце" (издание  Белорусского фонда культуры) и предложили дальнейшее сотрудничество. 
 
свернуть

   Послед звонок

30.05.2018

                                                                                                  

Школьная пара – бывай!..

Усяго на два гады прыходзяць старшакласнікі на вучобу ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. І гэты невялікі адрэзак часу тут яны адчуваюць сябе як у моцнай сям’і аднадумцаў, творцаў і неабыякавых людзей. Гэтая навучальная ўстанова з’яўляецца для нашых дзяцей сапраўднай прыступкай да поспеху ў вучобе, а яшчэ яна становіцца і прыступкай, на якой яны пачынаюць адчуваць сябе самадастатковымі асобамі – надзеяй раёна. І на гэтым чарговым ў гісторыі ліцэя свяце апошняга школьнага званка трапятала ў настаўнікаў і бацькоў сэрца ад гонару – цудоўныя, разумныя, таленавітыя  і выхаваныя выраслі дзеці…

На ўрачыстую лінейку запрашаюцца разам з класнымі кіраўнікамі выпускнікі. Іх сёлета 90. Яны ідуць пад апладысменты парамі, прыгожыя, маладыя – сёння галоўныя віноўнікі ўрачыстасці.

Ганаровае права ўзняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь даецца лепшым выпускнікам Кірылу Суражаву і Таццяне Дубойскай, сцяг Ліцэя Івацэвіцкага раёна – Арцёму Шуту і Уладзе Піліпцэвіч. Гучыць ліцэйскі гімн, а першае слова даецца дырэктару гэтай установы Святлане Алегаўне Гарайнавай. Святлана Алегаўна віншуе сваіх выпускнікоў і выказвае ўпэўненасць, што ў іх усё атрымаецца, яны знойдуць сваю дарогу і справяцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Яна зачытвае загад аб допуску да экзаменаў і загад аб вызваленні ад экзамену па матэматыцы пераможцы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па школьных прадметах Кірыла Суражава. А намеснік дырэктара ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Любоў Іосіфаваўна Домась адзначае ў сваёй прамове дасягненні ліцэістаў у вучобе, творчых конкурсах, навуковых канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах, дзякуе за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ліцэя. І сапраўды, ліцэю ёсць кім ганарыцца. Сёлета 17 выпускнікоў скончылі навучальны год “на выдатна” і прэтэндуюць пасля паспяховай здачы экзаменаў на ўзнагароджванне залатымі медалямі, першымі былі ліцэісты ў абласным конкурсе тэатральных калектываў на замежнай мове, у скарбонку ўзнагарод ліцэістаў клаліся дыпломы і ганаровыя граматы і ліцэя, і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Іх было вельмі шмат, а пасля яшчэ ўзнагароджванне лепшых прадоўжыў намеснік дырэктара ліцэя Вячаслаў Ляўданскі, які ўручаў граматы ліцэістам і настаўнікам і падарункі пераможцам-канкурсантам. Граматы ўручаны былі і ад раённага аддзела па НС. Некаторыя ліцэісты выходзілі раз за разам па ўзнагароды і каштоўныя падарункі, і гэта было сведчаннем таго, што выпускнікі валодаюць шырокім спектрам захапленняў.

На свяце апошняга школьнага званка ў Ліцэі Івацэвіцкага раёна было шмат гасцей. Сярод іх – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. Ён адзначыў, што 2018 год для ліцэістаў стаў асаблівым годам – яны ўпершыню будуць здаваць экзамен, імя якому жыццё. Ігар Мікалаевіч выказаў упэўненасць, што маладосць, аптымізм і запал дапамогуць ім справіцца з любымі цяжкасцямі. Дзякаваў ён настаўнікам за тое, што не шкадуюць сіл і часу і ўкладваюць у сваіх вучняў усё самае лепшае, дзякаваў і бацькам, што заўсёды побач і гатовы падставіць плячо.

Менавіта ліцэй умее раскрыць і развіць найлепшае, што хаваецца ў юнаках і дзяўчатах. Гэтая думка паўтаралася потым і з вуснаў удзячных бацькоў, ад імя якіх выступала Наталля Шабарава, а таксама ад выпускнікоў кожнага профільнага класа. Яны рыхтавалі прамовы сваім любімым настаўнікам, прысвячалі песні, словам, укладвалі самыя шчырыя пачуцці…

Незабыўнай застанецца і прамова ад імя настаўнікаў з вуснай любімага класнага кіраўніка 11-1 класа Алены Уладзіміраўны Самасюк. Кожнаму класу яна дала дакладную характарыстыку, нябачна падкрэсліўшы, што вучні становяцца падобнымі на свайго класнага кіраўніка, як дзеці на бацькоў. 26 пар закаханых вачэй глядзела і на яе ў чаканні падтрымкі, разумення і веры ў іх сілы на працягу двух гадоў. “І засталася хвілінка, каб прыслухацца да шэпту свайго сэрца, якое абавязкова падкажа правільную дарогу, толькі пачуй, – казала мудрая настаўніца, якая скіроўвала погляд выпускнікоў на бацькоў – яны самая надзейная падтрымка, на сяброў – многія знайшлі іх тут, у ліцэі. Яна раіла сваім любімым вучням верыць у сябе і свае сілы, а самым глыбокім наказам прагучала: “Не бойцеся аддаваць любоў, павагу і дапамогу тым, хто побач з вамі. Паверце, вы не страціце дарэмна свой час, вы набудзеце большае, чым ён”. Так, такія словы варты апладысментаў, што раздаліся дружна з усіх канцоў ліцэйскай пляцоўкі. Упэўнена, што пісьмо ад любімай настаўніцы, а яна кожнаму свайму вучню такое напісала, будзе захоўвацца ўсё жыццё кожным з іх, і перачытвацца, каб успомніць самае лепшае ў школьным жыцці і зверыць, ці ўсе рэкамендацыі настаўніцы выкананы.

…Гучыць апошні школьны вальс, і дзяўчынкі ў школьных сукенках і белых фартухах кружаць у парах з юнакамі, якія ў касцюмах выглядаюць дарослымі кавалерамі.

А потым звонка звініць апошні школьны званок. Максім Канановіч і Ганна Суліма ідуць уздоўж выпускных класаў, але кропку на гэтым ставіць не хочацца. Няхай звонка звініць званок, няхай бадзёрыць і надае ўпэўненасці – усё будзе добра ў нашых дарослых дзяцей.

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.

свернуть

З пазітывам па жыцці

28.04.2018

З пазітывам па жыцці

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна (цяперашнім БрДУ імя А.С.Пушкіна) з’явілася многа новых спецыяльнасцей: “Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова”, “Беларуская мова і літаратура. Гісторыя”, “Руская мова і літаратура. Англійская мова”. Спецыяльнасць “Біялогія. Псіхалогія” выклікала тады вялікую цікавасць у абітурыентаў: гэта цяпер псіхолаг — звычайная прафесія, а раней? Ды яшчэ ў спалучэнні з папулярным прадметам факультэта прыродазнаўства. Менавіта тады, у першыя наборы, трапіла на гэтую спецыяльнасць абітурыентка са Століншчыны. З таго часу прайшло два з паловай дзясяткі гадоў. Біялогіяй яна ў сваім жыцці займалася мала, а вось псіхалогія стала сэнсам жыцця. Яна — педагог-псіхолаг ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Святлана Аляксееўна Жыхар.

Калі настаўнік ніколі не працаваў у школе, дзе ёсць педагог-псіхолаг, яму не зразумець усёй важнасці яго работы. Гэта толькі на першы погляд словы, што складаюць змест абавязкаў педагога-псіхолага, простыя і сухія: псіхалагічная дыягностыка, карэкцыя, кансультаванне, прафілактыка, асвета… А па сутнасці гэта пастаянныя вывучэнні, размовы, тлумачэнні, і вельмі важна не памыліцца нават у падборы слоў, бо падлеткавы ўзрост — вельмі складаны перыяд у жыцці чалавека, а ў ліцэі вучацца толькі дзесяці- і адзінаццацікласнікі. Менавіта ў гэты час юнакі і дзяўчаты спрабуюць вызначыць сэнс і мэты свайго жыцця, стаць самастойнымі, многія праблемныя сітуацыі імкнуцца “разруліць” самі, на жаль, не заўсёды паспяхова, таму дыягностыка эмацыянальнага стану вучняў у псіхолага на першым плане. “Трэба помніць, што за любыя паводзіны дзяцей у адказе дарослыя, — вельмі правільныя словы Святланы Аляксееўны. — Галоўнае — дапамагчы вучням усвядоміць, што няўдач не варта баяцца, яны неад’емная частка шляху да галоўнай перамогі. Важна навучыць дзяцей бачыць любыя падзеі ў пазітыўным ключы, тады жыццё становіцца цікавым і насычаным!”

“Вельмі цікава даведацца пра асаблівасці свайго тэмпераменту, інтэлекту, самаацэнкі, узровень калектывізму, дэпрэсіі, сілы волі, — гавораць вучні 10-х класаў. — Таму ўсе тэсты, што прапаноўвае Святлана Аляксееўна, выконваем з задавальненнем і да яе ў кабінет пагутарыць заходзім часта”.

Не сакрэт, што выбраць правільна свой прафесійны шлях — задача няпростая. Часта так бывае, што вучань ужо ў 5 класе цвёрда ўпэўнены, кім хоча стаць. А бывае і наадварот: адзінаццацікласнік стаіць на раздарожжы і не ведае, у які бок падацца. У такім выпадку на дапамогу абавязкова прыйдзе Святлана Аляксееўна Жыхар: вывучыць псіхалагічныя схільнасці да пэўнай групы прафесій, выпрацуе асабістую прафесіяграму, запросіць для тэсціравання і рэкамендацый супрацоўнікаў цэнтра “Арыенцір” БрДУ імя А.С.Пушкіна, правядзе прафарыентацыйны тыдзень, пагутарыць асабіста — вось далёка не поўны пералік мерапрыемстваў псіхолага ў дапамогу будучым абітурыентам. Нездарма распрацаваныя ёй матэрыялы па тэме “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення” былі прадстаўлены на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту.

Святлана Аляксееўна пастаянны ўдзельнік бацькоўскіх сходаў — як агульналіцэйскіх, так і класных, добры памочнік класных кіраўнікоў, настаўнікаў пры падрыхтоўцы да атэстацыі, ажыццяўляе псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ўдзельнікаў алімпіяд, членаў навуковага таварыства, настаўнікаў — членаў інавацыйнага праекта. Раз за разам у настаўніцкай можна ўбачыць брашуры, рэкамендацыі па вырашэнні розных жыццёвых праблем і прыпіску: “Вазьміце, калі ласка, паважаныя настаўнікі, для карыстання”.

Энергіі, жыццярадаснасці, аптымізму гэтай чароўнай жанчыны можна толькі пазайздросціць. Гэтыя якасці прывабліваюць і старшакласнікаў. “Не ўяўляем свайго навучання ў ліцэі без Святланы Аляксееўны. Яна не проста псіхолаг, яна чалавек, які заўсёды знаходзіцца на пазітыве. Гэты настрой перадае нам, што так важна напярэдадні выпускной і ўступнай кампаніі”, — гавораць адзінаццацікласнікі. Няхай так будзе і далей!

Людміла БУРВІН, 
настаўнік-метадыст ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці

свернуть

 “Ліцэй – ступень да поспеху,” –

23.03.2018

 

такія на першы погляд пафасныя словы чытае кожны, хто праходзіць каля добра дагледжанага будынка па вуліцы Камуністычнай, 29 нашага райцэнтра. І толькі адчуўшы творчую атмасферу ліцэйскага калектыву, настаўніцкага і вучнёўскага, магчыма ўпэўніцца ў трапнасці гэтых слоў.

“Ліцэй – не звычайная навучальная ўстанова. Тут няма звыклай школьнай мітусні, тут жыве толькі бурлівая энергія, плён і прага маладосці. У ліцэйскіх сценах незвычайна цёпла, утульна і звыкла. Кожны кабінет (класам яго чамусьці называць не хочацца) мае сваю непаўторную атмасферу, праніклівую, мяккую. Дзіўна, канешне, было б, каб гэта ўсё з’явілася само па сабе. Але дзіва ў Ліцэі не жыве, яно тут … працуе!” – праз гады піша выпускніца 2010 года, цяпер вопытная журналістка Любоў Каспяровіч.  “Паўгода вучуся ў ліцэі і вельмі гэтаму рада. Ліцэй – адна вялікая сям’я, дзе цябе ўсе разумеюць і падтрымліваюць. Слова “ліцэй” выклікае ў мяне толькі станоўчыя эмоцыі. Знаёмыя гаварылі мне раней, што тут працуюць самыя лепшыя настаўнікі, і гэта сапраўды так”, – дзеліцца меркаваннямі наконт навучання ў ліцэі Кацярына Саўчук, вучаніца 10-1 класа. Яе аднакласнік, Ян Міхнюк, гаворыць так: “Яшчэ ў школе я вельмі палюбіў фізіку і ў ліцэй збіраўся ісці вучыцца дзеля вывучэння яе на павышаным узроўні. А калі даведаўся, што настаўніца фізікі  вельмі строгая, яшчэ больш захацелася тут вучыцца. Мае чаканні апраўдаліся. А яшчэ ў школе я чамусьці быў адзінокі, мала з кім меў зносіны. У ліцэі я сам стаў больш адкрытым і адразу займеў шмат сяброў”. “А мае чаканні не тое што апраўдаліся, але нават і пераўзышлі сябе, таму што ў ліцэі пачынаеш разумець, што вучышся не для настаўнікаў, а для сябе, і такім чынам самадысцыплінуешся”, - сцвярджае вучаніца 10-3 класа Ангеліна Шапачка.Дзяніс Емельяновіч, вучань 11-3 класа, прызнаецца, што “адразу спрабаваў паступіць у ліцэй пры БДУ, аднак не атрымалася. Івацэвіцкі ліцэй стаў запасным варыянтам. І цяпер мне здаецца, што калі наш ліцэй чым і саступае рэспубліканскаму, дык зусім нямногім”.

Многія вучні, што прыйшлі вучыцца ў ліцэй з вясковых школ, адзначаюць, што праведзеныя тут два гады з’яўляюцца своеасаблівым пераходным  мастком да навучання ў вышэйшых навучальных установах – ужо не дома і яшчэ не ў вялікім горадзе, тым больш што ўсім ім прадастаўляецца магчымасць жыць у інтэрнаце бясплатна і карыстацца трохразовым харчаваннем зноў жа на бясплатнай аснове.

На сённяшні дзень вучнёўскі калектыў ліцэя невялікі – 181 чалавек, 8 класаў-камплектаў. Навучанне вядзецца па 5-ці профілях – фізіка-матэматычным, эканамічным, філалагічным, грамадазнаўчым, хіміка-біялагічным. Аднак прыналежнасць кожнага вучня да пэўнага профілю не азначае, што кола яго інтарэсаў абмяжоўваецца двума прадметамі, таму часта можна сустрэць вучняў-матэматыкаў ці хімікаў на алімпіядзе па мове і літаратуры, а філолагі могуць прымаць удзел у біялагічных конкурсах.

Несумненна, галоўнымі дасягненнямі ліцэістаў лічацца перамогі ў алімпіядным руху. І тут стабільна высокія рэзультаты  пастаянна  паказвае кіраўнік праблемнай групы настаўнікаў фізікі раёна Валянціна Уладзіміраўна Арцюшэня, вучні якой штогод становяцца пераможцамі раённага і абласнога этапаў прадметнай алімпіяды. Гэты год не стаў выключэннем: вучань 11-1 класа Шут Арцём – уладальнік Дыплома ІІІ ступені абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Дыпломам такой жа вартасці ўзнагароджаны аднакласнік Арцёма Суражаў Кірыл па матэматыцы (настаўнік Паўлоўская С.А.). А на раённым узроўні ліцэісты заваявалі 31 алімпіядны дыплом, прычым Кузьмянькоў Антон, вучань 10-4 класа, і Шустоўскі Віталь, вучань 10-1 класа, сталі прызёрамі і пераможцамі па трох вучэбных прадметах, Шут Арцём, Суражаў Кірыл, вучні 11-1 класа, Міхнюк Ян, вучань 10-1 класа, Кульба Ягор, вучань 11-2 класа, Ерома Дар’я і Шабарава Анастасія, вучаніцы 11-3 класа, - па двух вучэбных прадметах.

Ніхто не стане спрачацца, што лідарам даследчага руху ў раёне з’яўляецца ліцэй. З году ў год да гэтага віду дзейнасці далучаецца ўсё больш вучняў і настаўнікаў, расце якасць прадстаўленых работ, аднак ліцэістам аказалася пад сілу ў гэтым годзе заняць лідзіруючыя пазіцыі ў сямі секцыях на раённым узроўні, дастойна выглядаць на ўзроўні вобласці – па 1 Дыпломе І і ІІ ступені, 2 Дыпломы ІІІ ступені і 1 Пахвальны водзыў: вучні Герман Аксана, Яфрэмаў Мікіта, Канановіч Максім, Суліма Ганна, Казлоўская Надзея, Козік Ірына (настаўнікі А.У.Самасюк, Т.А.Мілеўская, С.А.Паўлоўская, Л.М.Бурвін, В.М.Богук).

Герман Аксана з даследчай работай па беларускай мове “Пунктуацыя як сістэма знакаў, яе ўніверсальнасць і спецыфіка (на прыкладзе беларускай і англійскай моў)” будзе прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскай канферэнцыі вучнёўскіх работ даследчага характару (настаўнік А.У.Самасюк).

На самой справе работа з даравітымі вучнямі пачынаецца яшчэ да іх паступлення ў ліцэй. Адміністрацыя і педагагічны калектыў аналізуюць рэзультаты ўдзелу вучняў 9-х класаў на раённых алімпіядах, затым запрашаюць дзевяцікласнікаў на дні адчыненых дзвярэй, у профільны лагер, які штогод арганізуецца на базе ўстановы.

Асновай ліцэя, безумоўна, з’яўляецца настаўніцкі калектыў, вельмі вопытны і кампетэнтны: 24 чалавекі, сярод іх двое маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 15 – вышэйшую катэгорыю. Ні адзін конкурс педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” не абыходзіцца без рэзультатыўнага ўдзелу педагогаў ліцэя: Т.М.Мяцечка, А.М.Сарока, В.А.Ляўданскі, Т.А.Мілеўская, В.У.Арцюшэня, Л.М.Бурвін могуць падзяліцца эфектыўным вопытам у гэтым напрамку. Настаўнікі Сітнік П.В., Самасюк А.У., Бурвін Л.М.  сваімі найбольш вартаснымі  напрацоўкамі дзеляцца з калегамі на старонках метадычных выданняў. Аднак не толькі вышынёй катэгорыі і асабістымі настаўніцкімі дасягненнямі вызначаецца  педагагічны калектыў, не толькі гэта прываблівае ліцэістаў. Нездарма вучаніцы 11-3 класа Насця Шабаравава і Дзіяна Сліпец сцвярджаюць, што “настаўнікі ў ліцэі лічаць вучняў сябрамі, заўсёды гатовы дапамагчы, не глядзяць на нас зверху ўніз. З імі можна абмеркаваць любыя, не толькі вучэбныя пытанні, і ў той жа час яны вельмі патрабавальныя”.А Любоў Каспяровіч  дорыць настаўнікам ліцэя такія словы: “Што ні кажыце, а настаўнікі ў Ліцэі – сапраўдны скарб! Дзе ж яшчэ можна адшукаць такіх таленавітых выкладчыкаў, мудрых дарадцаў, церпялівых субяседнікаў, дасціпных сяброў?! Так, сяброў. Бо настаўнік і вучань тут – не проста “настаўнік” і “вучань”. Гэта адна каманда, адно жыццё, адзін арганізм, калі хочаце. Паміж імі няма тых надуманых бар’ераў, якія змаглі б перарасці ў сцяну непаразумення. Шчырасць і павага, дасціпны гумар і сур’ёзная мэтанакіраванасць – усяму, прычым толькі самаму лепшаму, знойдзецца ўтульнае месца на ліцэйскім уроку.Без сумнення, Ліцэй – гэта новы ўзровень школьнага жыцця. Быццам яшчэ не ўніверсітэт, а ўжо адчуваецца тая свабода дзейнічаць, абіраць свой лёс і свае інтарэсы. Пра кожнага настаўніка Ліцэя можна гаварыць бясконца.

А што можна сказаць пра ўвесь калектыў? Ён дорыць сябе і тое лепшае, што калісьці набыў яшчэ сухімі зярнятамі і ўзрасціў пад шчодрым сонцам адукацыі. Пафасна? Зусім не: шчыра”.

Івацэвіцкі ліцэй – адносна маладая навучальная ўстанова, аднак вопыт якаснай падрыхтоўкі вучняў на самой справе мае багаты. Варта ўзгадаць, што наш выпускнік Сітнік Сяргей у цяперашні час працуе навуковым супрацоўнікам інстытута мікрабіялогііі і вірусалогіі ў г.Мюнстэр, што ў Германіі, а Фёдар Жыгар – супрацоўнік пасольства Рэспублікі Беларусь на Кубе.

Трэці год на базе ліцэя дзейнічае рэспубліканская інавацыйная пляцоўка «Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ваўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзяўстановы адукацыі», што непасрэдным чынам садзейнічае развіццю медыяграматнасці навучэнцаў, без якой выпускнікам школы будзе вельмі цяжка арыентавацца ў сучасным свеце.

Ніколі ў ліцэі не было спартыўнага профілю, адкрыццё  такога, мабыць, ніколі і не разглядалася, аднак ніяк нельга сказаць, што ліцэісты не цікавяцца спортам. Да нядаўняга часу вельмі папулярнымі былі спартыўныя спаборніцтвы па валейболе паміж мужчынскімі камандамі вучняў і настаўнікаў, цяпер настаўнікаў-мужчын стала менш. Актуальны заўсёды ўдзел юнацкай і дзявочай каманд у раённых спаборніцтвах па валейболе, баскетболе і футболе, індывідуальны – у лёгкаатлетычных выпрабаваннях. Няма ў раёне бегуноў, хутчэйшых за Кухацкаволец Дар’ю (10-3 клас), Траццяка Мікіту (10-3 клас), Канановіча Віталія (10-1 клас). Даша Кухацкаволец неаднойчы паспяхова абараняла гонар раёна на абласных спаборніцтвах.

Не застаюцца ліцэісты ў баку ад удзелу ў разнастайных конкурсах: інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” (адна назва каманды чаго варта – “Тэтрагідрагіперхларыдная кіслата”!),  у конкурсе “Энергамарафон”, у экалагічнай акцыі “Падтрымаем птушак”, у конкурсах “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, “IT-Граница”, “Тапаніміка роднага краю”,  “Праз творчасць у прафесію жыцця”, эпісталярным конкурсе і многіх іншых. Штогод у раённым конкурсе тэатральных калектываў на замежнай мове няма роўных ліцэйскаму “Асарці”, удзел у аднайменным абласным фестывалі таксама заўсёды дастойны – 1-2 месцы.

 А прыгажосцю і стыльнасцю ліцэйскія клумбы абавязаны настаўніцы біялогіі Дзікан Валянціне Мікалаеўне, праект якой“Кветкавая сімфонія вясны” заняў другое месца ў гэтым навучальным годзе  ў абласным аглядзе-конкурсе “Цудоўнейшай стане Брэстчына мая”.

Для вучняў 10 класаў, якія ў будучым бачаць сябе настаўнікамі, арганізаваны і працуе клас педагагічнай накіраванасці. Не сакрэт, што ў апошнія гады прахадныя балы практычна на ўсе педагагічныя спецыяльнасці выраслі, а выпускнікі гэтага класа будуць мець магчымасць паступіць на абраную спецыяльнасць без прадастаўлення сертыфікатаў ЦТ, па выніках субяседавання, да якога рыхтуюцца на занятках. Ужо сёння можна сказаць, што многія з іх прафесійны педагагічны выбар робяць свядома, не на ўсякі выпадак, і гэта радуе.

“…Яшчэ паўгода буду тут вучыцца, а ўжо цяпер разумею, што развітвацца з ліцэем мне будзе цяжка”, - гаворыць Сямён Пігальскі, вучань 11-3 класа. Яго аднакласніца Вікторыя Дзягцярык  адзначае, што “атрымала тут вопыт, які дапаможа ў будучым”. А яно, паступленне перш за ўсё ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, для адзінаццацікласнікаў адчуваеццаўжо сёння: усё менш вольнага часу, усё больш пытанняў і ўважлівасці на ўроках. Разумеюць юнакі і дзяўчаты, што цяпер яны адказныя за гэты ўзровень: штогод у ліцэі ён вагаецца ў межах 87-92 %, рэкордным быў 2005 год – 96 % - яго пераўзысці пакуль што не ўдаецца. Магчыма,удасца ім, сёлетнім выпускнікам?

А выбраць правільна свой прафесійны шлях – задача няпростая. Часта так бывае, што вучань ужо ў 5-м класе цвёрда ведае, кім хоча працаваць у будучым, а бывае і наадварот: адзінаццацікласнік стаіць на раздарожжы і не ведае, у які бок падацца.

У такім выпадку на дапамогу абавязкова прыйдзе педагог-псіхолаг Святлана Аляксееўна Жыхар.Нездарма распрацаваныя ёю матэрыялы па тэме “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакаленння” прымалі ўдзел у 17 рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту.

Пастаянныя тэматычныя і юбілейныя выставы, карысныя парады, цытаты і вытрымкі з мастацкай і дакументальнай літаратуры, вельмі ветлівае абслугоўванне ў асобе Святланы Мікалаеўны Ефрэменка сустрэнуць любога наведвальніка бібліятэкі ліцэя.

…Штогод у другой палове студзеня ліцэй поўніцца сваімі выпускнікамі. Прыязджаючы на канікулы дамоў, яны прыходзяць, каб расказаць цяперашнім ліцэістам, як тут жылі, чаму навучыліся, якую пуцёўку ў жыццё атрымалі, якіх поспехаў ужо  дасягнулі – не паказаць сваю недасягальнасць, а, наадварот, сцвердзіць сваім прыкладам, што выпускнікам ліцэя ўсё па сілах, варта толькі захацець. “Тут застаецца часцінка цябе, і гэтае адчуванне нельга выкінуць”, - гаворыць Насця Яшная, выпускніца 2014 года. І так лічыць не адна Насця…

 

 

Людміла Мікалаеўна Бурвін, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”

 

свернуть

Виват, лицей, виват!

05.12.2017